Друкаваць
Катэгорыя: Культура

У канцы ліпеня 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстава «Пейзаж. Светаўспрыманне». У экспазіцыі прадстаўлена каля 20 жывапісных твораў, напісаных у другой палове ХХ ст. Я. Я. Красоўскім, К. М. Касмачовым, М. К. Казакевічам, Л. Д. Шчамялёвым і інш.

Чалавеку заўсёды было ўласціва ўглядацца ў свет навакольнай прыроды. Разнастайнасць і прыгажосць прыродных ландшафтаў здаўна прыцягвалі ўвагу жывапісцаў. Першапачаткова пейзаж выкарыстоўваўся ў якасці фону для паказу тэматычных сцэн, гістарычных падзей і партрэтаў, а з XVI ст. вылучыўся ў самастойны жанр выяўленчага мастацтва і набыў папулярнасць сярод мастакоў розных краін, школ і кірункаў.

Не стала выключэннем і айчыннае выяўленчае мастацтва. Для беларускіх пейзажаў характэрны нацыянальна-рамантычны настрой, лірычнасць, камернасць і сузіральны характар. У другой палове ХХ ст. роля гэтага жанру ў беларускім выяўленчым мастацтве ўзрасла і стала асабліва актуальнай. Дзякуючы значным пластычным і кампазіцыйным магчымасцям, яркім каларыстычным рашэнням, мастакі-пейзажысты адлюстроўваюць на сваіх палотнах не толькі ўсю шматгранную прыгажосць прыроды, але і прапануюць гледачу ўласную канцэпцыю светаўспрымання.

 

НІА
паводле сайта
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь