ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

13 ліпеня 2011 г. № 69

Аб некаторых пытаннях вывучэння моў асобнымі катэгорыямі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця

На падставе пунктаў 3 і 5 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Устанавіць, што:

1.1. пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне беларускай і рускай моў не з’яўляецца абавязковым для асоб з парушэннем слыху (якія не чуюць або слаба чуюць са стратай слыху ў межах 70–90 дэцыбелаў) і асоб з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне адной з замежных моў не з'яўляецца абавязковым для асоб з парушэннем слыху, якія навучаюцца ў другім аддзяленні спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната) і асоб з цяжкімі парушэннямі маўлення;

1.2. адукацыйны працэс пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з парушэннем слыху (якія не чуюць або слаба чуюць са стратай слыху ў межах 70–90 дэцыбелаў) у спецыяльных агульнаадукацыйных школах (спецыяльных агульнаадукацыйных школах-інтэрнатах), установах агульнай сярэдняй адукацыі, іншых арганізацыях, індывідуальных прадпрымальнікаў, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі (далей, калі не ўстаноўлена іншае, – установа адукацыі), з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай (пісьмовая, вусная, дактыльная формы) і жэставай мовах.

Адукацыйны працэс пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з парушэннем слыху (якія не чуюць або слаба чуюць са стратай слыху ў межах 70–90 дэцыбелаў) ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання арганізуецца на рускай (пісьмовая, вусная, дактыльная формы) і жэставай мовах;

1.3. адукацыйны працэс пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай мове.

Адукацыйны працэс пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання арганізуецца на рускай мове;

1.4. вывучэнне беларускай або рускай мовы пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі, якія азначаны ў абзацы першым падпункта 1.1 дадзенага пункта, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбным планам другога аддзялення спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната) для дзяцей з парушэннем слыху або вучэбным планам спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната) для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення адпаведна;

1.5. вывучэнне адной з замежных моў пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з парушэннем слыху, якія навучаюцца ў другім аддзяленні спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната), і навучэнцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення ажыццяўляецца па іх жаданні.

Вывучэнне адной з замежных моў навучэнцамі, якія азначаны ў абзацы першым дадзенага падпункта, ажыццяўляецца за кошт вучэбных гадзін, якія вызначаны на правядзенне факультатыўных заняткаў;

1.6. пры атрыманні прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне беларускай мовы не з’яўляецца абавязковым для навучэнцаў з парушэннем слыху (якія не чуюць або слаба чуюць са стратай слыху ў межах 70–90 дэцыбелаў) і навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія навучаліся ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання.

Пры атрыманні прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне рускай мовы не з’яўляецца абавязковым для навучэнцаў, якія азначаны ў абзацы першым дадзенага падпункта і якія навучаліся ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання;

1.7. вывучэнне адной з замежных моў пры атрыманні прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцамі з парушэннем слыху, якія навучаліся ў другім аддзяленні спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната), і навучэнцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення ажыццяўляецца па іх жаданні;

1.8. пры атрыманні прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы не з’яўляецца абавязковым для асоб з парушэннем слыху (якія не чуюць або слаба чуюць са стратай слыху ў межах 70–90 дэцыбелаў) і асоб з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія навучаліся ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання.

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

С.А.Маскевіч

 

УЗГОДНЕНА

Першы намеснік старшыні
Брэсцкага абласнога
выканаўчага камітэта

М.І.Юхімук

15.06.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта

А.М.Косінец

15.06.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гомельскага абласнога
выканаўчага камітэта

У.А.Дворнік

11.06.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гродзенскага абласнога
выканаўчага камітэта

С.Б.Шапіра

10.06.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага абласнога
выканаўчага камітэта

Б.В.Батура

16.06.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Магілёўскага абласнога
выканаўчага камітэта

П.М.Руднік

15.06.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага гарадскога
выканаўчага камітэта

М.А.Ладуцька

17.06.2011