ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

19 ліпеня 2011 г. № 94

Аб зацвярджэнні Палажэння аб дапаможнай школе (дапаможнай школе-інтэрнаце) і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

На падставе абзаца другога падпункта 1.1 пункта 1 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2011 г. № 969 «О делегировании полномочий Правительства Республики Беларусь на принятие (издание) нормативных правовых актов в соответствии с Кодексом Республики Беларусь об образовании» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб дапаможнай школе (дапаможнай школе-інтэрнаце).

2. Прызнаць страціўшымі сілу:

пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2005 г. № 40 «Об утверждении Положения о вспомогательной школе (школе-интернате)» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2005 г., № 91, 8/12690);

пункт 3 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2006 г. № 87 «О внесении изменений в некоторые нормативные правовые акты Министерства образования Республики Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 149, 8/14986);

пункт 4 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 2010 г. № 4 «О внесении изменений и дополнений в некоторые нормативные правовые акты Министерства образования Республики Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 57, 8/21990);

пункт 2 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2010 г. № 68 «О внесении изменений в некоторые нормативные правовые акты Министерства образования Республики Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 237, 8/22800).

3. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

С.А.Маскевіч

 

УЗГОДНЕНА

Міністр працы
і сацыяльнай абароны
Рэспублікі Беларусь

М.А.Шчоткіна

19.07.2011

УЗГОДНЕНА

Міністр аховы здароўя
Рэспублікі Беларусь

В.І.Жарко

19.07.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Міністр фінансаў
Рэспублікі Беларусь

А.М.Харкавец

19.07.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Брэсцкага абласнога
выканаўчага камітэта

К.А.Сумар

19.07.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Віцебскага абласнога
выканаўчага камітэта

А.М.Косінец

19.07.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гомельскага абласнога
выканаўчага камітэта

У.А.Дворнік

19.07.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Гродзенскага абласнога
выканаўчага камітэта

С.Б.Шапіра

19.07.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага абласнога
выканаўчага камітэта

Б.В.Батура

19.07.2011

 

 

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Магілёўскага абласнога
выканаўчага камітэта

П.М.Руднік

19.07.2011

УЗГОДНЕНА

Старшыня
Мінскага гарадскога
выканаўчага камітэта

М.А.Ладуцька

19.07.2011

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

19.07.2011 № 94

ПАЛАЖЭННЕ
аб дапаможнай школе (дапаможнай школе-інтэрнаце)

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзенае Палажэнне вызначае парадак дзейнасці дапаможнай школы (дапаможнай школы-інтэрната).

2. Для мэт дадзенага Палажэння прымяняюцца тэрміны і іх азначэнні ў значэннях, устаноўленых Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншым заканадаўствам.

3. Дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат) (далей – дапаможная школа) – установа спецыяльнай адукацыі, якая рэалізуе адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, праграму выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама можа рэалізоўваць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, адукацыйную праграму прафесіянальнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), праграму выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні. У дапаможнай школе-інтэрнаце ствараюцца ўмовы для пражывання і харчавання вучняў.

4. Дапаможная школа з’яўляецца юрыдычнай асобай і ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дадзеным Палажэннем, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, статутам дапаможнай школы, які зацвярджаецца яе заснавальнікам.

5. Дапаможная школа можа быць дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці і ствараецца ў форме ўстановы.

6. Дапаможная школа мае права ажыццяўляць мiжнароднае супрацоўніцтва ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь і мiжнароднымi пагадненнямi Рэспублiкi Беларусь.

7. Дапаможная школа вядзе справаводства ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

8. Дапаможная школа забяспечвае назапашванне, улік, захоўванне і выкарыстанне архіўных дакументаў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь.

9. Медыцынская дапамога вучням у дапаможнай школе аказваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

10. Кантроль за забеспячэннем якасці адукацыі ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

11. Дапаможная школа ажыццяўляе самакантроль за забеспячэннем якасці адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

12. Рашэнне аб рэарганізацыі і ліквідацыі дзяржаўнай дапаможнай школы прымаецца яе заснавальнікам па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

13. Па пытаннях функцыянавання, якія не ўрэгуляваны дадзеным Палажэннем, дапаможная школа ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2
ЗАДАЧЫ І ФУНКЦЫІ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТА)

14. Асноўнымі задачамі дапаможнай школы з’яўляюцца:

забеспячэнне атрымання спецыяльнай адукацыі вучнямі з інтэлектуальнай недастатковасцю з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў;

стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для навучання і выхавання вучняў, іх гарманічнага развіцця;

фарміраванне сацыяльна значных ведаў і ўменняў, неабходных у штодзённым жыцці;

падрыхтоўка вучняў да ўсвядомленага прафесіянальнага самавызначэння, працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця;

выхаванне жыццяздольнай асобы, забеспячэнне магчымасці інтэграцыі і актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства;

стварэнне бяспечных умоў пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу;

аказанне кансультатыўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, фарміраванне ў членаў сямей адэкватных адносін да асаблівасцей развіцця дзіцяці, выпрацоўка аптымальных падыходаў да сямейнага выхавання.

15. Для рэалізацыі сваіх задач дапаможная школа ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе:

адукацыйны працэс на падставе вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі;

карэкцыю фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у вучняў;

выхаванне вучняў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

стварэнне спецыяльных умоў для атрымання спецыяльнай адукацыі;

сістэматычнае назіранне за індывідуальна-тыпалагічнымі асаблівасцямі вучняў і станам іх здароўя на працягу навучання і выхавання ў дапаможнай школе;

ахову здароўя вучняў у час ажыццяўлення адукацыйнага працэсу;

патранат выпускнікоў дапаможнай школы.

16. Дапаможная школа акрамя асноўных функцый, пералічаных у пункце 15 дадзенага Палажэння, у парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, можа ажыццяўляць:

навучанне і выхаванне выхаванцаў пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю;

арганізацыю навучання і выхавання для атрымання спецыяльнай адукацыі дома вучняў, якія па медыцынскіх паказчыках часова або пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі;

арганізацыю навучання і выхавання ва ўмовах арганізацый аховы здароўя вучняў, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю і якім аказваецца медыцынская дапамога ў арганізацыях аховы здароўя ва ўмовах стацыянару;

арганізацыю навучання і выхавання ва ўмовах санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый вучняў, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю і накіраваны ў складзе арганізаваных груп у санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі;

арганізацыю навучання і выхавання вучняў, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю і знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання;

iнавацыйную i эксперыментальную дзейнасць.

ГЛАВА 3
СТРУКТУРА ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТА)

17. Дапаможная школа фарміруе сваю структуру ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, са статутам.

18. Дапаможная школа можа мець у сваёй структуры адасобленыя падраздзяленні і структурныя падраздзяленні.

Структурнае падраздзяленне можа стварацца як адасобленае падраздзяленне.

19. Дапаможная школа можа мець вучэбна-доследныя ўчасткі (гаспадаркі), вытворчыя (вучэбна-вытворчыя) майстэрні і іншыя аб’екты, якія забяспечваюць рэалізацыю задач і статутных мэтаў дапаможнай школы.

Вучэбна-доследныя ўчасткі (гаспадаркі), вытворчыя (вучэбна-вытворчыя) майстэрні ствараюцца з мэтай арганізацыі працоўнага навучання, а таксама рэалізацыі адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі рабочых (служачых). Вучэбныя (вучэбна-вытворчыя) майстэрні дапаможнай школы забяспечваюцца абсталяваннем і інструментам са спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія папярэджваюць траўматызм і дазваляюць пераадольваць сэнсарныя і рухальныя парушэнні вучняў.

ГЛАВА 4
КАМПЛЕКТАВАННЕ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТА)

20. Камплектаванне дапаможнай школы ажыццяўляецца заснавальнікам на падставе заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (далей – ЦКРНіР) з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у дзяцей згодна з дадаткам.

Прыём у дапаможную школу ажыццяўляецца на падставе заявы законнага прадстаўніка пры прад’яўленні ім пасведчання аб нараджэнні або дакумента, які сведчыць пра асобу навучэнца, заключэння ЦКРНіР, медыцынскай даведкі аб стане здароўя навучэнца. Прыём у дапаможную школу, утрыманне і выпуск вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю з ліку дзяцей-сірот i дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, ажыццяўляюцца ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

21. Вучні з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прымаюцца ў класы адпаведна іх развіццю і ўзроўню адукацыйнай падрыхтоўкі.

22. У выпадку спынення дзейнасці дапаможнай школы заснавальнік ажыццяўляе перавод вучняў па ўзгадненні з іх законнымі прадстаўнікамі ў іншыя ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі.

ГЛАВА 5
АСАБЛІВАСЦІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ Ў ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЕ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЕ-ІНТЭРНАЦЕ)

23. Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю арганізуецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі з улікам асаблівасцей, вызначаных артыкулам 268 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дадзеным Палажэннем.

24. Адукацыйны працэс у дапаможнай школе носіць карэкцыйную накіраванасць і арганізуецца з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў і ўзросту вучняў на падставе вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі.

25. Вучэбна-праграмная дакументацыя адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі, якая рэгламентуе адукацыйны працэс, вызначана артыкулам 279 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

26. Навучанне і выхаванне пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляюцца на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Асноўная мова навучання і выхавання (беларуская або руская) пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю вызначаецца яе заснавальнікам з улікам пажаданняў законных прадстаўнікоў вучняў.

27. Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляецца ў класах, якія адкрываюцца ў залежнасці ад структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў і ўзросту вучняў.

28. Адукацыйны працэс у дапаможнай школе ажыццяўляецца ў аддзяленнях (першае і другое), якія аб’ядноўваюць класы. Першае і другое аддзяленні ствараюцца ў залежнасці ад структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў і ўзросту вучняў.

У дапаможнай школе могуць адкрывацца XI–XII класы паглыбленай сацыяльнай і прафесіянальнай падрыхтоўкі, напаўняльнасць якіх складае 12 вучняў. XI–XII класы паглыбленай сацыяльнай і прафесіянальнай падрыхтоўкі – класы, у якіх адначасова з адукацыйнай праграмай спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю рэалізуецца адукацыйная праграма прафесіянальнай падрыхтоўкі рабочых (служачых).

29. Напаўняльнасць класаў у дапаможнай школе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пунктам 13 артыкула 268 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

30. Па рашэнні заснавальніка ў дапаможнай школе можа быць устаноўлена меншая напаўняльнасць класаў.

31. Колькасць класаў у дапаможнай школе вызначаецца заснавальнікам у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў з улікам умоў, якія неабходны для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу.

32. Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляюцца вучэбныя заняткі: урок, назіранне, экскурсія і іншыя. Дадаткова праводзяцца карэкцыйныя, факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, практыка.

Факультатыўныя заняткі могуць быць прыродазнаўча-матэматычнай, гуманітарнай, грамадазнаўчай, экалагічнай, ваенна-патрыятычнай, музычнай, харэаграфічнай, мастацкай, тэатральнай, спартыўнай і іншай накіраванасці.

33. Вучэбныя заняткі ў дапаможнай школе праводзяцца ў першую змену.

34. Штодзённая колькасць вучэбных заняткаў у дапаможнай школе і іх паслядоўнасць вызначаюцца раскладам, які складаецца з улікам патрабаванняў санiтарных нормаў і правілаў і гігіенічных нарматываў і зацвярджаецца кіраўніком дапаможнай школы.

35. Пры правядзенні вучэбных заняткаў па вучэбных прадметах «Працоўнае навучанне» ў V–Х класах, «Прафесіянальная падрыхтоўка» ў XI–XII класах паглыбленай сацыяльнай і прафесіянальнай падрыхтоўкі клас дзеліцца на групы пры ўмове навучання ў кожнай з іх розным прафесіям. Напаўняльнасць групы складае не менш за 3 вучні, дазваляецца камплектаванне груп вучнямі паралельных класаў.

36. Атэстацыя (бягучая, прамежкавая, выніковая) вучняў дапаможнай школы пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкуламі 275, 277 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Правіламі правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, якія зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2011 г. № 93 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 100, 8/24104).

37. З мэтай удакладнення адпаведнасці адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю пазнавальным магчымасцям вучняў дапаможная школа накіроўвае іх са згоды і ў прысутнасці законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў у ЦКРНіР для правядзення псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання.

38. Карэкцыя фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у вучняў ажыццяўляецца на карэкцыйных занятках. Карэкцыйныя заняткі накіраваны на выпраўленне і (або) паслабленне фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у вучняў.

39. Работу па карэкцыі фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у вучняў ажыццяўляе настаўнік, які мае вышэйшую адукацыю па профілям «Педагогіка», «Педагогіка. Прафесіянальная адукацыя» (напрамак «Спецыяльная адукацыя») або вышэйшую адукацыю па профілям «Педагогіка», «Педагогіка. Прафесіянальная адукацыя» і перападрыхтоўку па напрамку «Спецыяльная адукацыя».

40. Карэкцыйныя і факультатыўныя заняткі, як правіла, праводзяцца пасля завяршэння або да пачатку ўрокаў. Факультатыўныя заняткі ў IX–XII класах могуць праводзіцца ў шосты школьны дзень.

41. Карэкцыйныя і факультатыўныя заняткі, у тым ліку і па асновах бяспекі жыццядзейнасці і радыяцыйнай бяспекі, а таксама стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі праводзяцца ў адпаведнасці з раскладам, які зацвярджаецца кіраўніком дапаможнай школы.

42. Для арганізацыі карэкцыйных, факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў вучні, як правіла, аднаго або паралельных класаў аб’ядноўваюцца ў групы. Напаўняльнасць груп павінна складаць не менш за тры вучні.

43. У дапаможнай школе вучням, якія маюць парушэнні маўлення, аказваецца лагапедычная дапамога настаўнікам-дэфектолагам (настаўнікам-лагапедам). Для аказання лагапедычнай дапамогі вучні аб’ядноўваюцца ў групы.

44. У дапаможнай школе з мэтай арганізацыі работы па фізічнай рэабілітацыі вучняў уводзіцца пасада інструктара-метадыста па фізічнай рэабілітацыі (інструктара па лячэбнай фізкультуры).

45. У дапаможнай школе з мэтай аказання дапамогі сям’і ў навучанні і выхаванні вучняў могуць адкрывацца групы падоўжанага дня для вучняў I–X класаў, парадак дзейнасці якіх вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

46. Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі з улікам асаблівасцей, адзначаных у пункце 3 артыкула 268 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

47. Сацыяльна-педагагічная падтрымка вучняў і аказанне ім псіхалагічнай дапамогі ажыццяўляюцца сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай дапаможнай школы.

48. Вучням дапаможнай школы, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, выдаецца пасведчанне аб спецыяльнай адукацыі.

49. Адукацыйны працэс у XI–XII класах паглыбленай сацыяльнай і прафесіянальнай падрыхтоўкі накіраваны на фарміраванне сацыяльна значных уменняў, неабходных вучням для рэалізацыі сваіх правоў і выканання грамадскіх, сямейных і прафесіянальных абавязкаў у самастойным жыцці, забяспечвае завяршэнне прафесіянальнай падрыхтоўкі.

Першасная сацыяльна-прафесіянальная адаптацыя вучняў забяспечваецца вытворчай практыкай.

50. Арганізацыя адукацыйнага працэсу, атэстацыя вучняў пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесіянальнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб бесперапынным прафесіянальным навучанні па прафесіях рабочых, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2011 г. № 954 «Об отдельных вопросах дополнительного образования взрослых» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 86, 5/34189).

ГЛАВА 6
КІРАВАННЕ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛАЙ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛАЙ-ІНТЭРНАТАМ). УЗАЕМААДНОСІНЫ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

51. Непасрэднае кіраванне дзяржаўнай дапаможнай школай ажыццяўляе дырэктар, які прызначаецца на ўмовах працоўнага дагавору (кантракту) на пасаду і вызваляецца ад займаемай пасады яе заснавальнікам па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

52. Асноўным органам самакіравання дапаможнай школы з’яўляецца савет, які ўзначальвае яе дырэктар.

У дапаможнай школе ствараецца педагагічны савет і можа стварацца апякунскі савет, бацькоўскі камітэт.

Структуру і штатны расклад дапаможнай школы распрацоўвае і зацвярджае дырэктар дапаможнай школы на падставе тыпавых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў дапаможнай школы, якія зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, у межах выдзеленых сродкаў.

53. Дырэктар дапаможнай школы нясе адказнасць перад дзяржавай, заснавальнікам, законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў за сваю дзейнасць у адпаведнасці са службовымі абавязкамі, якія прадугледжаны кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, працоўным дагаворам (кантрактам) і статутам дапаможнай школы.

54. Прыём на работу ў дапаможную школу педагагічных, медыцынскіх і іншых работнікаў, заключэнне (працяг, скасаванне) з імі працоўнага дагавору (кантракту), прымяненне да іх мер заахвочвання і дысцыплінарнага спагнання, звальненне ажыццяўляе дырэктар у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

55. Працоўныя адносіны работнікаў у дапаможнай школе рэгулююцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

56. Кваліфікацыйныя патрабаванні да педагагічных і медыцынскіх работнікаў вызначаюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, зацверджанымі ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

ГЛАВА 7
ФІНАНСАВАННЕ І МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ (ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТА)

57. Фінансаванне дзяржаўнай дапаможнай школы ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, іншых крыніц, якія не забаронены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Фінансаванне прыватных дапаможных школ ажыццяўляецца за кошт сродкаў заснавальніка, сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, іншых крыніц, якія не забаронены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Аплата працы супрацоўнікаў дапаможнай школы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

58. Матэрыяльна-тэхнічная база дапаможнай школы фарміруецца заснавальнікам у адпаведнасці з патрабаваннямі, якія ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, уключае ў тым ліку зямельныя ўчасткі, будынкі, абсталяванне, транспартныя сродкі і іншую маёмасць, неабходную для арганізацыі навучання і выхавання вучняў дапаможнай школы.

59. Заснавальнік замацоўвае маёмасць за дапаможнай школай на праве аператыўнага кіравання. Права распараджэння маёмасцю ажыццяўляецца па ўзгадненні з заснавальнікам.

60. Дапаможная школа нясе перад заснавальнікам адказнасць за захаванне і эфектыўнае выкарыстанне замацаванай за ёй маёмасці.

61. Дапаможная школа павінна мець памяшканні, кабінеты, майстэрні, пляцоўкі, забяспечаныя мэбляй, інвентаром, сродкамі навучання, неабходнымі для арганізацыі адукацыйнага працэсу, памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і спортам, іншую маёмасць у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў.

 

 

Дадатак

да Палажэння аб дапаможнай школе
(дапаможнай школе-інтэрнаце)

Камплектаванне дапаможнай школы (дапаможнай школы-інтэрната) з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў

Аддзяленне

Структура і ступень цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў

Першае аддзяленне

Лёгкая інтэлектуальная недастатковасць

Другое аддзяленне

Умераная і цяжкая інтэлектуальная недастатковасць