Традыцыйныя народныя святы беларусаў прымеркаваны да гадавога кола і земляродчага календара. Самыя яскравыя і любімыя сярод іх – Каляды зімой і Купалле ўлетку. Гэта той сакральны час, які, па меркаванні нашых продкаў, найбольш прадвызначае дабрабыт і шчаслівае жыццё.

Купалле – найстаражытнейшае язычніцкае свята ў гонар сонца і росквіту зямлі. Яно звязана з часам летняга сонцастаяння, калі прыродныя сілы набываюць найбольшую моц. Падобныя святкаванні ёсць у многіх народаў свету. Можна, напрыклад, прыгадаць Янаў дзень у Балгарыі, Ліга ў Латвіі, Сан-Хуан у Іспаніі, Юханус у Фінляндыі. З цягам распаўсюджання хрысціянства гэтыя даўнія абрады былі прымеркаваны да дня нараджэння Іаана Хрысціцеля. У Беларусі Купалле адзначаецца ў ноч з 6 па 7 ліпеня праваслаўнымі або ў ноч на 24 чэрвеня каталікамі.

Усе абрадавыя дзеянні на Купалле звязаны з культам агню, вады і зямлі. Яшчэ з раніцы дзяўчаты і жанчыны збіралі лекавыя кветкі і травы (святаянскія зёлкі), якія ў гэты дзень валодаюць найбольшай моцай. З іх плялі купальскія вянкі, а частку пакідалі на лекі і выкарыстоўвалі як моцныя абярэгі дому і гаспадарных пабудоў. Увечары ўсе – ад мала да вяліка – збіраліся каля купальскага вогнішча. Яно звычайна раскладвалася на ўзвышэнні, на ўзлеску ці паляне або на беразе рэчкі ці возера і сімвалізавала ачышчальныя сілы сонца. У ім спальвалі старыя непатрэбныя рэчы, а разам з імі ўсе нягоды і хваробы. Вакол яго вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі ў гульні. Абавязковым былі і скокі людзей праз полымя, асабліва для закаханых пар. Адным з найбольш прыгожых момантаў свята з’яўляецца варажба дзяўчат на будучае замужжа. Патрэбна ноччу свой сплецены купальскі вяночак кінуць на ваду і прасачыць, як ён будзе плысці і хто яго зловіць.

Яшчэ нашыя продкі лічылі, што купальская ноч – гэта ноч цудаў. Рэкі ў гэты час нібыта свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы могуць гаварыць. Але самае галоўнае дзіва – гэта папараць-кветка, якая цвіце толькі імгненне ў гэту ноч. Хто знойдзе яе, будзе мець незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе скарбы свету, разумець мову раслін і жывёл, быць заўжды шчаслівым. Але, каб здабыць яе, патрэбна вялікая смеласць і чыстае сэрца. Пошукі папараць-кветкі – самы таямнічы і хвалюючы рытуал купальскага свята.

У сучаснай Беларусі Купалле – ледзь не любімае народнае свята. Яно спалучае ў сабе даўнія традыцыі і абрадавыя дзеянні, вясёлыя гульні і тэатралізаваныя прадстаўленні. Пры гэтым застаюцца нязменнымі пакланенне-ўдзячнасць магутным сілам прыроды і клопат пра шчасце і дабрабыт.

 

НІА