Галоўная ўрачыстасць нашай дзяржавы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – адзначаецца штогод 3 ліпеня. Сёлета ён святкуецца ўжо ў дваццаты раз.

Гэтае свята з’явілася ў нашай краіне ў 1991 годзе і першапачаткова адзначалася 27 ліпеня ў дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР (па сутнасці ж незалежнасць Беларусь атрымала 26 снежня 1991 года ў сувязі з распадам СССР). Дата 3 ліпеня замацавалася за Днём Незалежнасці па рашэнні, прынятым на рэспубліканскім рэферэндуме. 24 лістапада 1996 года больш за 88 % удзельнікаў усенароднага апытання прагаласавалі за перанос свята на Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Дзень Незалежнасці, паводле Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 1996 года № 1, праводзіцца як усенароднае свята ў абстаноўцы высокай урачыстасці і патрыятычнага ўздыму. Па ўсёй рэспубліцы ладзяцца святочныя мерапрыемствы і народныя гулянні, у якіх прымаюць удзел жыхары і госці нашай краіны ўсіх узростаў. Галоўная ж падзея – урачысты ваенны парад, які праходзіць у сталіцы на праспекце Пераможцаў каля стэлы «Мінск – горад-герой». Гэта не толькі напамін аб тым, якой цаной беларускі народ заваяваў свабоду краіны, але і дэманстрацыя сучасных дасягненняў суверэннай Беларусі.

У гэтым годзе парад традыцыйна распачнуць выхаванцы Мінскага сувораўскага вучылішча, за імі ўрачыстым маршам пройдуць калоны ваеннаслужачых і супрацоўнікаў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Сёлета ўпершыню будуць прадстаўлены ўсе механізаваныя брыгады сухапутных войскаў, а таксама ўсе брыгады сіл спецыяльных аперацый. Гледачы змогуць убачыць больш як 500 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі, сярод якіх і найноўшыя распрацоўкі беларускай арміі. Плануецца, што частка тэхнікі пасля парада застанецца на праспекце: усе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з ёй бліжэй. А ў небе над Мінскам з'явяцца асноўныя тыпы крылатых машын Ваенна-паветраных сіл і Войскаў проціпаветранай абароны Беларусі. Упершыню ў складзе паветранага эшалона будзе прадстаўлена авіяцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ДТСААФ. Завяршыць шэсце плац-канцэрт зводнага аркестра Мінскага гарнізона і роты ганаровага каравула.

У гонар свята ўвечары мірнае неба над Мінскам расквеціць святочны салют.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – гэта ўвасабленне повязі пакаленняў і іх плённай працы, сімвал міру, росквіту і дабрабыту на нашай зямлі.

Са святам, паважаныя суайчыннікі!

 

НІА