Штогод 22 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень памяці і смутку (афіцыйная назва – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны). Гэтая дата – адна з найбольш трагічных у гісторыі нашай краіны для тых, хто перажыў і выжыў, для дзяцей і ўнукаў мільёнаў салдат, што аддалі сваё жыццё за мір, у якім мы сёння жывём. У гэты дзень нямецка-фашысцкія войскі ўварваліся на тэрыторыю СССР.

18 снежня 1940 года Гітлер падпісаў дырэктыву № 21 Вярхоўнага галоўнакамандавання вермахта, якая атрымала ўмоўную назву «Варыянт Барбароса» і стала асноўным кіруючым дакументам у вайне супраць СССР. Узброеным сілам Германіі ставілася задача «разграміць Савецкую Расію ў ходзе адной кароткачасовай кампаніі».

22 чэрвеня 1941 года ў чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз, нанёсшы масіраваны ўдар па ваенных і стратэгічных аб'ектах і шматлікіх гарадах. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна, у якой СССР страціў каля 27 мільёнаў чалавек, але змог выстаяць. У цяжкай кровапралітнай сутычцы савецкі народ унёс вырашальны ўклад у вызваленне Еўропы ад фашысцкага панавання і разгром гітлераўскіх войскаў.

У многіх краінах у гэты дзень прыспускаюць дзяржаўныя сцягі і ўспамінаюць усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод... Кожны дзень вайны быў адзначаны крывёю, гібеллю і пакутамі. Доўгіх 1418 дзён і начэй савецкі народ адстойваў сваю свабоду, незалежнасць, сваё права на існаванне.

Першымі прынялі на сябе ўдар фашыстаў і паказалі ўсяму свету прыклад стойкасці і мужнасці абаронцы легендарнай Брэсцкай крэпасці. Традыцыйна гэта галоўнае месца памяці. Сёння раніцай тут адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Затым на Кобрынскім умацаванні арганізатары мерапрыемства паказалі ваенна-гістарычную рэканструкцыю «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць», удзельнікі якой аднавілі найбольш значныя эпізоды абароны крэпасці.

У Дзень памяці і смутку мы схіляем галовы перад усімі загінулымі ў жорсткай сутычцы з ворагам, перад пакаленнем савецкіх людзей, якія прынеслі нам Перамогу і падарылі нам будучыню. Мы гэтага ніколі не забудзем і не дазволім забыць нікому!

НІА