З 1 па 16 ліпеня 2017 года ў Мінску будзе працаваць ІІІ Міжнародная летняя школа беларусістыкі, арганізатарам якой выступіў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. У гэтым годзе правядзенне мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Адукацыйны праект разлічаны на спецыялістаў у галіне беларусістыкі і славістыкі, аспірантаў, студэнтаў, перакладчыкаў, беларусаў замежжа і ўсіх зацікаўленых беларускай мовай, літаратурай, гісторыяй і культурай. Плануецца, што ён збярэ людзей з 11 краін (ЗША, Кітай, Расія, Латвія, Чэхія, Украіна, Венгрыя, Беларусь, Польшча, Нідэрланды, Швецыя).

Праграма заняткаў прадугледжвае наступныя блокі:

  • Практыка беларускага маўлення: заняткі, скіраваныя на актыўнае авалоданне навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, будуць праводзіцца ў групах паводле ўзроўняў (A1–С2).
  • Лекцыйны цыкл: лектары Міжнароднай летняй школы беларусістыкі – вядучыя беларускія даследчыкі – пазнаёмяць слухачоў з актуальнымі пытаннямі і праблемамі сучаснага беларускага мовазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры Беларусі.
  • Асобны адукацыйны модуль будзе прысвечаны паглыбленаму знаёмству з кніжна-выдавецкай спадчынай беларускага асветніка Францыска Скарыны, асэнсаванню яе ролі ў культуры беларускага і іншых славянскіх народаў.
  • Прадугледжана магчымасць індывідуальных кансультацый.

 

Для замежных гасцей падрыхтавана захапляльная культурная праграма. Можна будзе здзейсніць вандроўкі па памятных і маляўнічых кутках Мінска, убачыць на ўласныя вочы знакавыя ў гісторыі і культуры Беларусі мясціны. Прадугледжана двухдзённая культурна-адукацыйная экскурсія ў Полацк, у ходзе якой госці пазнаёмяцца з экспазіцыямі музеяў Полацкага нацыянальнага культурна-гістарычнага запаведніка, архітэктурнымі і археалагічнымі помнікамі.

 

 

НІА
паводле матэрыялаў сайта
Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы