13 чэрвеня спаўняецца 65 гадоў вядомаму беларускаму лінгвісту, доктару філалагічных навук, прафесару, дэкану філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івану Сямёнавічу Роўду.

Нарадзіўся мовазнаўца ў 1953 г. у г. п. Мядзель, што ў Мінскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў на аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы дыплом філолага, працаваў выкладчыкам кафедры рускага мовазнаўства ва ўніверсітэце, потым вучыўся ў аспірантуры, дзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1996 г. І. С. Роўда абараніў доктарскую дысертацыю «Лексічныя лакуны і сродкі іх кампенсацыі (параўнальнае сістэмна-функцыянальнае даследаванне беларускай і рускай моў)». Гэтае даследаванне стала важным этапам у распрацоўцы тэарэтычных і прыкладных пытанняў беларуска-рускага двухмоўя. Праз год Іван Сямёнавіч атрымаў званне прафесара.

І. С. Роўда – аўтар больш за 200 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый. У сферы яго навуковых інтарэсаў – супастаўляльнае вывучэнне рускай і беларускай моў, тэарэтычныя і практычныя пытанні лексікалогіі, словаўтварэння, граматыкі, выкладання рускай мовы як замежнай, праблема моўнай сітуацыі і функцыянавання рускай мовы ў Беларусі.

Асаблівае месца ў навукова-педагагічнай дзейнасці Івана Сямёнавіча займае стварэнне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных і вышэйшых навучальных устаноў.

Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі», Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, медалём Францыска Скарыны.

 

Супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі віншуюць Івана Сямёнавіча з 65-годдзем і жадаюць яму здароўя, натхнення, шчасця, дабрабыту, доўгай плённай навуковай і педагагічнай працы.

 

НІА