Мялецій Сматрыцкі – вучоны, філосаф, пісьменнік, святар – быў адным з найбуйнейшых інтэлектуалаў свайго часу.

Нарадзіўся Мялецій (свецкае імя Максім) Сматрыцкі каля 1577 года ў мястэчку Смотрыч на Падоллі (цяпер пасёлак гарадскога тыпу ў Дунаявецкім раёне Хмяльніцкай вобласці ва Украіне) у сям’і вядомага тагачаснага пісьменніка Герасіма Сматрыцкага, рэктара Астрожскай акадэміі і паплечніка Івана Фёдарава. А закончыў ён свой зямны шлях 27 снежня 1633 года ў Кіеве.

Навучаўся Мялецій у Астрожскай і Віленскай езуіцкай акадэміях, затым працягваў адукацыю, наведваючы лекцыі ў вядомых еўрапейскіх універсітэтах, у прыватнасці ў Вітэнбергу. Тут ён пазнаёміўся са здабыткамі навукі і культуры Антычнасці і Адраджэння, філасофіяй і сістэмай адукацыі розных краін. Сматрыцкі ведаў шмат моў, у тым ліку старажытныя біблейскія, і быў адным з найбольш адукаваных людзей.

Мялецій Сматрыцкі з’яўляецца яркім прадстаўніком старабеларускай палемічнай літаратуры (палемічная літаратура – творы публіцыстычнага кшталту, напісаныя ў канцы XVI – першай палове XVII стагоддзяў, у якіх адлюстравана вострая барацьба паміж прадстаўнікамі каталіцызму, уніяцтва і праваслаўя). Самы знакаміты яго твор – «Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы», напісаны на польскай мове пад псеўданімам Тэафіла Арталога і выдадзены ў Вільні ў 1610 годзе. У ім пісьменнік увасобіў праваслаўную царкву ў вобразе маці, якая аплаквае сваіх няверных сыноў, што кінулі яе ў бядзе і няволі. Элегічны пачатак у творы ўвесь час перабіваецца сатырай, іроніяй і гратэскам. Дзякуючы багатай вобразнасці, уменню аўтара карыстацца алегорыяй і сімваламі «Трэнас» стаў вяршыняй тагачаснай палемічнай прозы.

Актыўна ўдзельнічаў Сматрыцкі ў грамадскім і царкоўным жыцці, займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. Так, напрыклад, садзейнічаў стварэнню ў Мінску праваслаўнага брацтва, быў рэктарам брацкай школы ў Кіеве, архіепіскапам Полацкім.

Славу найвыдатнейшага вучонага і педагога Мялецію Сматрыцкаму прынесла «Граматыка славенска, правільней сінтагма», выдадзеная ў 1619 годзе ў Еўі, непадалёку ад Вільні. Гэта быў першы падручнік па царкоўнаславянскай мове, на якім вучыліся больш за 200 гадоў. Гэту граматыку поруч з «Псалтырам рыфматворным» Сімяона Полацкага вялікі рускі вучоны Міхайла Ламаносаў называў «брамай сваёй вучонасці». Змест падручніка складаецца з пяці раздзелаў, прысвечаных вывучэнню паходжання слоў, націску, арфаграфіі, сінтаксісу і вершаскладання. Аўтар першым здолеў ўсталяваць сістэмы склонаў і двух спражэнняў дзеясловаў, а таксама вызначыў (праўда, не дакладна) трыванні дзеясловаў. Акрамя таго, ім былі адзначаны лішнія літары, у якіх славянская пісьменнасць не мела патрэбу. У кнізе прыведзена мноства прыкладаў, што істотна палягчала засваенне граматычных правіл.

«Граматыка» Мялеція Сматрыцкага як найвыдатнейшы ўзор славянскай граматычнай думкі заклала падмурак для развіцця лінгвістычнай навукі на стагоддзі. Так, на яе ўзор ў XVIII – першай палове XIX стагоддзя былі створаны сербская, харвацкая, румынская і балгарская граматыкі.

 

НІА