Як не бывае Каляд без галоўнага сімвала свята – Каляднай зоркі, так цяжка ўявіць, каб мяняліся гады для юных творцаў без аднайменнага рэспубліканскага конкурсу. Ужо 22 гады Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі завяршае год і пачынае новы Рэспубліканскай выставай-конкурсам дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка». Адметнасць конкурсу ў тым, што столькі гадоў запар яго ўдзельнікі не перастаюць здзіўляць гледачоў і журы сваёй творчасцю.

Сёлета калядную гісторыю стваралі каля 10 000 навучэнцаў з больш як 500 устаноў адукацыі, якія прынялі ўдзел у рэгіянальных і мінскім гарадскім этапах конкурсу. Кульмінацыю ж каляднай гісторыі прадставілі 500 лепшых работ і іх аўтары, якія і сталі фіналістамі.

Расказаць пра зіму ў Беларусі, зімовыя святы і іх герояў хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагла выцінанка, папера- і саломапластыка, аплікацыя, мастацкі роспіс, роспіс па тканіне і шкле, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, валенне з лямцу, разьба па дрэве, лозапляценне і інш. Калядную тэматыку і матывы навагодніх казак прадставілі дзіцячыя сюжэтныя кампазіцыі і арт-аб’екты, інтэр’ерныя лялькі, ёлачныя цацкі, навагоднія касцюмы, сувеніры, падарункі да Новага года з розных матэрыялаў і, канечне, самі калядныя зоркі.

Традыцыйна на выставе шмат гасцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго горада з задавальненнем прыязджаюць сюды, каб адчуць дух творчасці, дакрануцца да казкі, рукатворнага цуду і ўдыхнуць калядны настрой напярэдадні зімовых свят.

Сярод наведвальнікаў і Надзея Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, якая ў чарговы раз завітала на выставу: «Я кожны дзень заходжу сюды і кожны раз адкрываю для сябе нешта новае. Кожны твор варты ўвагі. Здавалася б, вы праходзіце міма нейкай работы, яна падаецца незаўважнай. А вы зірнулі на яе пад іншым вуглом – і яна заіграла. І гэтая шчырасць, любоў, вера ў цуды адчуваецца ў кожным творы, – гаворыць Надзея Васільеўна, пачынаючы і для нас экскурсію. – Наш конкурс – адзін з любімых для юных майстроў. Выкарыстоўваючы веды, традыцыйныя тэхнікі і падачу, дзеці развіваюць тое, што некалі рабілі нашы продкі, сваё бачанне паказваюць у трыдыцыйных матэрыялах. Адчуваецца, што яны не проста ўвасабляюць, паўтараюць тое, што ім прапанавалі, а робяць гэта з любоўю. І гэта галоўнае».

«Мяне вельмі радуе тое, што прадстаўлены як традыцыйныя тэхнікі, так і традыцыйныя матэрыялы, але ў абсалютна новым увасабленні, новым бачанні. Асабліва нечакана сёлета прадстаўлена лаза, якой засталося ў нашых установах дадатковай адукацыі настолькі мала, што ёсць рызыка яе страціць, – гаворыць Надзея Васільеўна, накіроўваючыся да быццам незавершанага калядоўшчыка — арт-аб’екта навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах «Лозапляценне» сярэдняй школы № 1 Светлагорска (педагог Т. І. Адамоўская). – Відаць, што тэхнікай дзеці валодаюць, але падача ў іх новая. Думаю, яна нам запомніцца надоўга, як драўляная ёлка з відамі горада, якую летась прадставілі на выставу гродзенцы. Мы, бачыце, і праз год яе памятаем, бо сучаснае бачанне традыцый прыцягвае».

Прыцягвае ўвагу і новая інтэрпрэтацыя сімвала Беларусі – філігранна выкананы анёл з распрастанымі саламянымі крыламі. Гэта вынік творчасці выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах «Чароўная саломка» Жабінкаўскага РЦТДіМ (педагог І. М. Коваль).

Што да валення, якое традыцыйна шчодра прымяняецца ў стварэнні касцюмаў, то яно сёлета найлепш увасобілася ў плоскасных і аб’ёмных работах. Так, выдзяляецца сярод іншых лялька «Анёл-ахоўнік». Яе стварылі Ксенія Бычкова і Кацярына Кіржанава, навучэнкі аб’яднання па інтарэсах «Майстрыха» Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Дасканалай работай у гэтай тэхніцы стала манументальнае пано «Ражджаство Хрыстова» ў выкананні 15-гадовай Яны Пятровай, выхаванкі аб’яднання па інтарэсах «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (педагог В. А. Мельнікава) Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна.

Тэндэнцыя да маштабнасці праглядваецца ў розных тэхніках. Так, пано з бяросты «Зіма ў Беларусі» ў выкананні навучэнцаў педагога І. М. Рудэнка са Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці «Эўрыка» сёлета стала абліччам выставы і ўвасабленнем звароту да традыцый. А вось работа «Зімовы вечар» Аліны Мытнік, навучэнкі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна, – гэта ўжо зусім сучасная падача, спалучэнне новых тэхнік.

Традыцыйна шмат гледачоў збіраецца вакол выставы керамістаў – пастаяннага месца, дзе выстаўляюцца лепшыя керамічныя работы. Не абыходзіць яго і Надзея Васільеўна: «Кераміка заўсёды нас радуе. У нас цудоўныя майстры, і таму сярод іх заўсёды высокі конкурс на месцы пераможцаў. А вынікам гэтага стала тое, што ў іх работах ёсць развіццё, а не толькі паўтарэнне таго, што ўжо было».

Навінкай гэтага года стала ўключэнне новай, адзінаццатай, намінацыі – «Чароўныя карцінкі», у якой юныя мультыплікатары прадстаўлялі ўласна створаныя мультфільмы.

«Нельга не ўлічваць тое, што цяпер дзеці шмат часу праводзяць за камп’ютарамі, любяць успрымаць інфармацыю з экрана, – абгрунтоўвае прычыну для новага падыходу Надзея Васільеўна. – І сёння паспяхова дзейнічае шмат аб’яднанняў па інтарэсах у кірунку мультыплікацыі, у тым ліку і «Мультфабрыка» нашай установы. Таму мы сёлета прэзентуем анімацыю, тым самым стымулюем іншых спрабаваць сябе ў гэтай сферы – тых, хто малюе, хто працуе з керамікай, пластылінам».

Вынікі выставы будуць падведзены ў студзені, а пакуль ва ўсіх жадаючых ёсць магчымасць адзначыць лепшыя творы на свой густ: прэзентавацца выстава будзе да 26 студзеня.

 

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Крыніца: https://nastgaz.by.