Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у віртуальнай выставе «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа». Мерапрыемства стартуе 1 кастрычніка 2017 года.

Да ўдзелу ў выставе запрашаюцца дашкольнікі, вучні I–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі, выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўсе жадаючыя, хто любіць творы славутых беларускіх пісьменнікаў.

Асноўнымі задачамі правядзення мерапрыемства з’яўляюцца:

  • стварэнне неабходных умоў для падтрымкі адораных вучняў;
  • фарміраванне і развіццё цікавасці да вывучэння вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура»;
  • фарміраванне і развіццё цікавасці да вывучэння творчасці беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа;
  • стымуляванне праектна-даследчай дзейнасці дзяцей і навучэнскай моладзі;
  • папулярызацыя твораў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа;
  • падтрымка творчых ініцыятыў, спрыянне развіццю чытацкай культуры ўдзельнікаў выставы.

 

Для ўдзелу ў віртуальнай выставе неабходна выканаць творчую работу – буктрэйлер, які ўяўляе сабой кароткі відэаролік, дзе ў адвольнай мастацкай форме распавядаецца пра твор Янкі Купалы ці Якуба Коласа. Буктрэйлер можа быць выкананы ў любым жанры: мультфільм, анімацыя, кароткаметражны фільм, слайд-шоў, відэафільм, відэаперформанс (відэапастаноўка), рэкламны ролік, камп’ютарная графіка, відэакліп, музычны кліп і інш. Для гэтага неабходна падаць заяўку па вызначанай форме і накіраваць разам з ёй творчую работу на электронны адрас Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. (з абавязковай пазнакай у тэме пісьма «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа»). Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства работы і згоду з умовамі правядзення мерапрыемства. Заяўкі, аформленыя не ў адпаведнасці з патрабаваннямі і дасланыя несвоечасова, разглядацца не будуць.

Творчыя работы прымаюцца да 7 лістапада 2017 года.

Выстава з’яўляецца адкрытай па складзе ўдзельнікаў: буктрэйлеры могуць дасылаць як асобныя ўдзельнікі, так і аўтарскія калектывы (да трох чалавек уключна).

Пераможцы віртуальнай выставы (10 чалавек) будуць запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання, якая адбудзецца 17 лістапада 2017 года.

Падрабязней з умовамі правядзення выставы і патрабаваннямі да творчых работ можна азнаёміцца ў інфармацыйным лісце і Палажэнні аб парадку правядзення віртуальнай выставы «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа».

Інфармацыя аб мерапрыемстве і ходзе яго правядзення будзе размяшчацца на інтэрнэт-рэсурсе па суправаджэнні алімпіяд, турніраў і конкурсаў па вучэбных прадметах olimp.adu.by, нацыянальным адукацыйным партале, афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, «ВКонтакте».

 

НІА