Саламея Рэгіна Русецкая (1718–1760) – першая ў гісторыі Усходняй Еўропы жанчына-лекарка.

Нарадзілася ў 1718 г. на Навагрудчыне. У 1731 г. чатырнаццацігадовую дзяўчыну выдалі замуж за лекара-немца Якуба Хальпіру. Маладажоны ў тым жа годзе накіраваліся ў Стамбул, дзе ў хуткім часе Хальпір распачаў лекарскую дзейнасць. Жонка праявіла да заняткаў мужа вялікую зацікаўленасць і пачала дапамагаць яму. А паколькі яна вызначалася назіральнасцю, розумам і даволі вялікімі здольнасцямі, то ў хуткім часе стала працаваць самастойна.

Ажыццяўляючы медычную практыку на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, Асманскай імперыі, Аўстра-Венгрыі, пры дварах манархаў і самых уплывовых людзей Еўропы XVIII ст., С. Русецкая выступіла правадніком асветы сярод жанчын, забеспячэння іх правоў у грамадстве, распаўсюджвання перадавых навуковых ведаў у галіне медыцыны, акушэрства.

С. Русецкая пакінула пасля сябе надзвычай цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны – дзённік-кнігу «Авантуры майго жыцця». У ім – успаміны і ўласныя развагі наконт тагачасных падзеяў, цікавыя замалёўкі-партрэты людзей, якія сустракаліся ёй у час вандровак па краінах Захаду і Усходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісанню побыту і нораваў розных народаў, выкладзеныя метады лячэння розных хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай медыцыны, распаўсюджвала вучэнне пра гігіену і фізічнае выхаванне.

Зараз рукапіс яе мемуараў захоўваецца ў Нацыянальным музеі Кракава (Польшча). Датаваны ён 1760 г., напісаны на польскай мове і ўпершыню быў выдадзены ў Польшчы ў 1957 г.

Адным з першых беларускіх гісторыкаў, які зацікавіўся асобай Саламеі Русецкай, быў Валянцін Грыцкевіч. У 1989 г. выйшла яго кніга «Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая». У 1993 г. пад назвай «Авантуры майго жыцця» пабачыў свет беларускі пераклад мемуараў, зроблены Міколам Хаустовічам, прадмову да якога напісаў вядомы літаратуразнаўца, прафесар Адам Мальдзіс.